Перайсці да зместу

Пятроўшчына (Мінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вёска
Пятроўшчына
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Ранейшыя назвы
Петраўшчызна
Пятроўшчына (Беларусь)
Пятроўшчына
Пятроўшчына
Пятроўшчына (Мінская вобласць)
Пятроўшчына
Пятроўшчына

Пятро́ўшчына — колішняя вёска, цяпер мясцовасць у паўднёва-заходняй частцы Мінска, на беразе Мышкі (прытоку Лошыцы басейна Свіслачы). На паўднёвым захадзе ад Грушаўкі.

Вялікае Княства Літоўскае

[правіць | правіць зыходнік]

Імаверна, паселішча ўзнікла на землях вылучаных са складу старажытнай Лошыцкай воласці. У 1453—1492 гадах вялікі князь Казімір пацвердзіў свайму пісару Пятрашку Любічу куплю «іменейца» (маёнтачка) «на рацэ… на Лошыцы» ў Пятра Дзержкавіча, брата біскупа Мікалая. У 1493 годзе куплі Любічу пацвердзіў і вялікі князь Аляксандр[1][2].

У 1492 годзе згадваецца Пятроўскі двор, які належаў пісару гаспадарскаму Пятру Любічу і, напэўна, быў яго галоўнай сядзібай. Названы двор, відавочна, ад імя ўладальніка, але няма пэўнасці якога — Любіча ці Дзержкавіча. Пры Пятры Любічы да маёнтка Пятроўскага двара сярод іншага належалі млын на Пцічы і вялікая бортная зямля паміж Барысаўскай і Лагойскай дарогамі. Палову вымелку з млына і бортную зямлю, а таксама дзесяціну «от всякого збожья» з зямель у Вербковичах і Пятроўскага двара Пётр Любіч запісаў на царкву Узнясення Хрыстова ў Менску[3].

У 1567 годзе згадваецца як сяло Пятровічы, належала П. Крантоўскаму і У. Хмялеўскаму, у Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У XVII—XVIII стагоддзях сустракаецца паланізаваная назва «Петраўшчызна»[4]. У 1667 годзе маёнтак Петраўшчызна, 7 дымоў, уласнасць каталіцкай царквы.

У 1791 годзе ў адной з частак Пятроўшчыны — маёнтак Жыжэмскага, карчма, 23 дымы, каталіцкая парафія Каралішчавічы.

Пад уладай Расійскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Мінскім павеце Мінскай губерні.

У 1800 годзе панскі двор і вёска — шляхецкая ўласнасць І. Жыжэмскага, 15 двароў, 106 жыхароў, на рацэ Пятроўшчына млын на адзін пастаў, заезджая карчма, цагельны завод, на якім працавала 6 сялян.

З 1858 года іншая частка Пятроўшчыны ва ўласнасці Напалеона Язафатавіча Чарноцкага[4], які неўзабаве памёр бяздзетны і маёнтак перайшоў яго родзічу Казіміру Міхалавічу Чарноцкаму, у гэтай частцы 100 рэвізскіх душ, 952 дзесяціны 126 сажняў зямлі[5].

Пасля 1861 года ў Сеніцкай воласці Мінскага павета. У 1876 годзе ўладальнікам фальварак Пятроўшчына разам з Нядзвежынам валодаў дваранін рыма-каталіцкага веравызнання Казімір Міхайлавіч Чарноцкі (часам памылкова Чарнецкі), агулам было 414 дзесяцін зямлі, гаспадарку вёў арандатар[6], у 1888 годзе ён жа, было 190 дзесяцін зямлі[7].

Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы былі каталіцкая капліца (адносілася да мінскай катэдральнай парафіі[8]), хлебазапасны магазін, карчма, асобна стаяў маёнтак[9].

Напалеон Казіміравіч Чарноцкі. Меркавана, апошні ўладальнік двара Пятроўшчына

У 1906 годзе на сядзібным двары паставілі аднаактовую п’есу-вадэвіль «Па рэвізіі» ўкраінскага драматурга Маркі Крапіўніцкага, імаверна, у беларускім перакладзе Напалеона Казіміравіча Чарноцкага (сына ўладальніка двара, або на той час ужо ўладальніка). З артыкула Язэпа Дылы, які спасылаецца на Алеся Бурбіса:

«Сцэнай служыла пляцоўка ля свірна. Лаўкі зрабілі для платнай публікі і знаёмых гаспадароў фальварка. Быў самадзейны аркестр — цымбалы, скрыпка і бубен. Парабкі суседніх двароў і фальваркаў і сяляне мелі дармовы ўваход на спектакль. Людзей з вёскі сабралася шмат, звыш трохсот асоб. Старых, каб маглі ўсё добра ўбачыць і пачуць, саджалі наперадзе». Пасля пастаноўкі Алесь Бурбіс чытаў вершы Янкі Купалы «Што ты спіш?», «Не рвіся к багатым», «Пашкадуй мужыка!».

У 1913 годзе ўладальнікам маёнтка быў Казімір Чарноцкі (хутчэй за ўсё, насамрэч яго сын Напалеон Чарноцкі) 331 дзесяціна[10].

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў і ў кастрычніку 1920 года пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Маёнтак нацыяналізаваны, створаны калгас[11]. У 1924 годзе ў Падгайскім сельсавеце Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі. З 1931 года ў адміністрацыйным падпарадкаванні Менскага гарсавета, з 26 траўня 1935 года ў Менскім раёне.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.

20 студзеня 1960 года вёска пералічана са складу скасаванага Мядзвежынскага сельсавета ў Шчомысліцкі сельсавет[12]. З 1978 года ў складзе Мінска.

Вясковая вуліца Прылуцкая пераназвана ў вуліцу Пятроўшчына, а вуліца Вадаправодная — у завулак Пятроўшчына[13]. Масавы знос вёскі пачаўся ў 2-й палове 2000-х, калі пабудаваны дамы ў квартале праспектаў Дзяржынскага і Газеты Праўда і вуліцы Алібегава. Вясковая забудова часткова захавалася па вуліцы Пятроўшчына.

  • 1800 год — 15 двароў, 106 жыхароў
  • 1897 год — вёска, 43 двары, 272 жыхары; маёнтак, 2 двары, 17 жыхароў[9]
  • 1908 год — вёска, 40 двароў, 241 жыхар; маёнтак, 1 двор, 16 жыхароў; урочышча (карчма), 1 двор, 10 жыхароў; урочышча (кузня), 1 двор, 7 жыхароў[14]
  • 1917 год — вёска, 44 двары, 250 жыхароў (усе беларусы); маёнтак, 1 двор, 39 жыхароў (19 беларусаў і 20 палякаў); карчма, 1 двор, 7 жыхароў (усе яўрэі); кузня, 1 двор, 7 жыхароў (усе яўрэі)[15]

Назва вёскі захавалася ў найменнях вуліцы і завулка Пятроўшчына. Імем вёскі названа станцыя метро Пятроўшчына. Захаваліся вясковыя могілкі.

Страчаная спадчына

[правіць | правіць зыходнік]
  • Сядзіба Чарноцкіх. На месцы сядзібы Чарноцкіх у 1960-я гады пабудаваная школа-інтэрнат № 7[4].

Цікавыя факты

[правіць | правіць зыходнік]
  • Маёнтак Чарноцкіх часам наведвала жонка вядомага літоўскага мастака Мікалоюса Чурлёніса Соф’я Кіманайце, у Пятроўшчыне яна нарадзіла дачку Дануце  (літ.)[16].
  1. Lietuvos Metrika / L. Anužytė L., A. Baliulis. — Vilnius: Lietuvos istorijos institutas, 1998. — Т. Knyga nr. 3 (1440—1498). Užrašymų knyga 3. — С. 75. — 162 с.
  2. Груша 2012, с. 58.
  3. Груша 2012, с. 59.
  4. а б в Беларускі архіў вуснай гісторыі. Пятроўшчына(недаступная спасылка). nashapamiac.org. Архівавана з першакрыніцы 7 чэрвеня 2017.
  5. НИАБ. Фонд 159, опись 1, дело 5932. Дело о вводе во владение Наполеона Чарноцкого им. Пиотровщизною. 12.06.1858-13.06.1858
  6. Списокъ Землевладѣльцевъ Минской Губерніи за 1876 годъ 1877, с. 172.
  7. Списокъ Землевладѣльцевъ Минской Губерніи за 1888 год 1889, с. 61.
  8. SgKP 1887, s. 220.
  9. а б Памяць 1998, с. 614.
  10. Nad Świsłoczą 1914, s. 76.
  11. Карта РККА Белоруссии в масштабе 1:42К - вуліца Сямашкі 61-63, Мінск. retromap.ru. Праверана 30 кастрычніка 2025.
  12. Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 20 студзеня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 2.
  13. Сацукевіч І. І., с. 6.
  14. Ярмоловичъ В. 1909, с. 153.
  15. Список населенных мест Б.С.С.Р. (б. Минской губернии) 1924, с. 159.
  16. Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 80.