Ганна Святаслаўна
| Ганна Святаслаўна | |
|---|---|
| Адбітак пячаткі вялікай княгіні Ганны. | |
| Род дзейнасці | арыстакратка |
| Дата нараджэння | 1350-я |
| Дата смерці | 1 жніўня 1418[1] ці 31 ліпеня 1418 |
| Месца смерці | |
| Месца пахавання | |
| Грамадзянства | |
| Бацька | Святаслаў Іванавіч[2] |
| Маці | NN[d] |
| Муж | Вітаўт |
| Дзеці | Соф’я Вітаўтаўна |
Ганна Святаслаўна (1350-я — 1 жніўня 1418) — вялікая княгіня літоўская, другая жонка Вітаўта.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Імаверна, дачка Святаслава Іванавіча, вялікага князя смаленскага ў 1358—1386 гадах[3]. Прынамсі такая версія паходжання цяпер пераважае. Аднак яна не можа быць цалкам пэўнай, бо грунтуецца на Хроніцы Быхаўца, хоць ёсць і ўскосныя сведчанні на яе карысць[4].
Паводле Хронікі Быхаўца, у Вітаўта было тры жонкі, першая — смаленская княжна Ганна Святаслаўна, другой названа Марыя, дачка князя лукомскага і старадубскага Андрэя, а трэцяй — Ульяна, дачка князя гальшанскага Івана Альгімонтавіча. Таксама, але ў іншым месцы, Хроніка Быхаўца называе шурынам Вітаўта смаленскага князя Юрыя Святаславіча.
Паводле крыжацкай крыніцы[крыніца?], Вітаўт узяў шлюб з Ганнай пры жыцці вялікага князя Альгерда, то-бок да мая 1377 года[3]. Ян Тэнгоўскі пацвердзіў гэта праз шлюбны ўзрост Соф’і, якую Ганна называла сваёй дачкой, на думку даследчыка, шлюб яе бацькоў адбыўся паміж 1368—1377 гадамі.
Такім чынам, калі апроч Ганны і Ульяны, якія вядомы як жонкі Вітаўта і з надзейных крыніц, і праўда была трэцяя жонка, то толькі перад Ганнай. Першы шлюб Вітаўт мог узяць яшчэ ў 1360-я гады, калі быў удзельным князем берасцейскім[3]. На думку Тэнгоўскага, першай жонкай Вітаўта магла быць Марыя, названая Хронікай Быхаўца як другая, аднак, ні яна, ні названы тамсама яе бацька — князь лукомскі і старадубскі Андрэй, з іншых крыніц не вядомы. Алег Ліцкевіч выявіў згадку пра жонку Вітаўта, язычніцу, спаленую пасля смерці — гэта не магла быць ні Ганна, ні Ульяна, на думку даследчыка, гэтыя звесткі менавіта пра першую жонку Вітаўта.
Што шлюб з Ганнай мог быць другім сведчаць згадкі верагоднымі крыніцамі шваграў (сваякоў па жонцы) князя Вітаўта. У студзені 1384 года шваграм Вітаўта названы друцкі князь Леў, імаверна, родзіч тагачаснай жонкі, то-бок Ганны. У тым самым дакуменце 1384 года згаданы і Судзімонт з Вейшышак, якога пазней таксама называлі шваграм Вітаўта. Князь Леў і баярын Судзімонт відавочна вельмі рознага паходжання і, імаверней, яны родзічы двух розных жонак Вітаўта. Судзімонт — невядомай імем першай жонкі, язычніца, спаленай пасля смерці, а друцкі князь Леў — Ганны.[5]
Апроч смаленскага князя Юрыя Святаславіча, названага шурынам Вітаўта ненадзейнай Хронікай Быхаўца, а таксама друцкага князя Льва, названага «шваграм» верагоднай нямецкай крыніцай, цяпер вядомы яшчэ адзін «швагр Вітаўта» — «герцаг Васіль з Русі». Звесткі пра Васіля выявіў Ян Тэнгоўскі і атоесніў яго з родным братам Ганны — Васілём Святаславічам, пачынальнік роду князёў Крапоткіных[6]. Літоўская гісторык Інга Баранаўскене спрабуе аспрэчыць атаясненне Тэнгоўскага, яна сцвярджае, што сярод родзічаў смаленскага князя Святаслава вядомы толькі адзіны Васіль — яго родны брат, бранскі князь Васіль Іванавіч, таксама даследчыца сцвярджала, што адносіны Смаленскага княства з Вялікім Княствам Літоўскім былі варожымі і гэта выключала шлюбы паміж іх уладарнымі родамі, таксама, на думку Баранаўскене, шлюбы двух сясцёр Ганны з літоўскімі арыстакратамі выключаюць іх смаленскае паходжанне[7]. Такім чынам, Баранаўскене ігнаруе, што сын князя Святаслава — Васіль Святаславіч, вядомы з тых самых крыніц, што і яго брат Васіль Іванавіч — з маскоўскіх радаслоўцаў, як адзначыў яшчэ Юзаф Вольф[8]. Таксама Баранаўскене ігнаруе шлюбы як інструмент палітыкі таго часу, у тым ліку замацавання пагадненняў, саюзаў і дасягнення трывалага міру. Шлюбы арыстакратаў звязаны болей з родавай стратэгіяй, чым з палітыкай або паходжаннем жонак — сваяцтва з жонкай уладара далучала да ўладарнага роду, узвышала ў іерархіі, даследчыкі не выключаюць, што менавіта так узвысіліся Гальшанскія, з баярства атрымалі княжацкі тытул.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзілася паміж 1356—1365 гадамі. Паміж 1368—1377 гадамі выйшла замуж за Вітаўта. Не пазней за 1378 год у сужэнцаў нарадзілася дачка Соф’я.
У 1382 годзе Ганна дапамагла мужу ўцячы з вязніцы ў Крэўскім замку, дзе яго зняволіў вялікі князь Ягайла.[3]
У 1383 або 1386 годзе перайшла ў каталіцтва.[9]
У 1392 годзе, пры атрыманні Вітаўтам тытула вялікага князя, Ганна абяцала, што муж будзе трымацца прысягі каралю польскаму Ягайле і Кароне Польскай.[3]
У 1391 годзе дачка Соф’я выйшла замуж за вялікага князя маскоўскага Васіля Дзмітрыевіча. Пра іншых дзяцей няма пэўных звестак.[3]
Пахавана ў Віленскім кафедральным саборы.[3]
Вядомы сёстры вялікай княгіні Ганны — Агрыпіна і Ульяна.[9]
Агрыпіна — жонка гальшанскага князя Івана Альгімонтавіча[9]. Ульяна — жонка, паслядоўна, родзіча Біруты баярына Бутрыма, пінскага князя Васіля Нарымонтавіча, баярына Войцеха Манівіда[9].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 160, 577.
- ↑ Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku / пад рэд. J. Wolff — Warszawa: 1895. — С. 160, 459.
- ↑ а б в г д е ё ЭнцВКЛ 2010, p. 155.
- ↑ Ліцкевіч 2010, p. 122.
- ↑ Ліцкевіч 2010, p. 121-122.
- ↑ Tęgowski 1995, pp. 177–182.
- ↑ Baranauskienė 2012, pp. 64–73.
- ↑ Wolff 1895, pp. 185, 459, 461.
- ↑ а б в г Ліцкевіч 2010, p. 120.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ганна Святаслаўна // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — С. 155. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.
- Гагуа Р. Б., Жилевич О. Ф. Островские акты княгини Анны // Актуальные проблемы источниковедения: материалы IV междунар. научнопракт. конф. к 420-летию дарования городу Витебску магдебургского права, Витебск, 20–21 апреля 2017 г. / Витеб. гос. ун-т; редкол.: А. Н. Дулов и М. Ф. Румянцева (отв. ред.) [и др.].. — Витебск: ВГУ имени П. М. Машерова, 2017. — С. 145–148.
- Лицкевич О. В. Поручительство литовско-русской знати за нобиля Братошу Койлутовича (1387—1394 гг.) // Беларуская даўніна. — 2014. — В. 1. — С. 29-58.
- Ліцкевіч А. У. Дагаворы паміж князямі ВКЛ, нобілямі Жамойці і прадстаўнікамі Тэўтонскага ордэна ў Прусіі і Лівоніі (1367—1398 гг.) // Arche. — 2010. — № 10. — С. 39-123.
- Inga Baranauskienė Onos Vytautienės kilmė ir giminė(літ.) // Kultūros barai. — 2012. — Vasario — № 2. — P. 64–73. — ISSN 0134-3106.
- Józef Wolff. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. — Warszawa, 1895.
- Sylwia Skiendziul Pobyt Anny Witoldowej na ziemiach pruskich w 1400 roku // Meritum. — T. 8: 2016. — S. 49-69, streszcz. ang.
- Jan Tęgowski Małżeństwa księcia Witolda Kiejstutowicza // Rocznik Polskiego Towarzystwa Heraldycznego Heraldycznego. — 1995. — Vol. 2. — № 13. — S. 177–182. — ISSN 1230-803X.