Пятроўшчына (Мінск)
Пятро́ўшчына — прадмесце Мінска і колішняя вёска, размешчаная ў паўднёва-заходняй частцы горада, на беразе ракі Мышкі (прыток Свіслачы).
Знаходзіцца на паўднёвым захадзе ад Грушаўкі.
Гісторыя
Упершыню згадваецца ў 1567 годзе як сяло Пятровічы, што належала П. Крантоўскаму і У. Хмялеўскаму. У XVII — XVIII стагоддзях сустракаецца спаланізаваная назва «Петраўшчызна»[1]. У 1791 годзе быў маёнтак, карчма, 23 дымы. У сярэдзіне XIX стагоддзя — уласнасць Н. Чарноцкага[1]. У 1897 годзе Пятроўшчына — вёска Сеніцкай воласці, 43 двары, 272 жыхары, капліца, брама, карчма. У 1917 годзе 44 двары, 240 жыхароў, маёнтак (39 жыхароў), карчма і кузня[2].
У 1924 годзе ў Падгайскім сельсавеце Самахвалавіцкага раёна, з 1931 года ў адміністрацыйным падпарадкаванні Менскага раёна, з 1957 года ў Шчомысліцкім сельсавеце. У 1978 годзе ўключаная ў межы горада Мінска. Вясковая вуліца Прылуцкая стала вуліцай Пятроўшчына, вуліца Вадаправодная перайменаваная ў завулак Пятроўшчына[3]. Масавы знос вёскі распачаўся ў другой палове 2000-х, калі паўсталі дамы ў квартале праспектаў Дзяржынскага і Газеты Праўда і вуліцы Алібегава. Вясковая забудова часткова захавалася па вуліцы Пятроўшчына.
Сучаснасць
Захаваліся вуліца і завулак Пятроўшчына. У гонар вёскі названая станцыя метро Пятроўшчына. Захаваліся вясковыя могілкі.
Зноскі
- ↑ а б Беларускі архіў вуснай гісторыі. Міхалова. nashapamiac.org.
- ↑ Минск : энциклопедический справочник 1983, с. 316.
- ↑ Сацукевіч І. І., с. 6.
Літаратура
- Петровщина // Минск : энциклопедический справочник / Л. В. Аржаева и др.; редколлегия: И. П. Шамякин (главный редактор) и др.. — Минск: Белорусская Советская Энциклопедия, 1983. — 467 с. — 70 000 экз.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście (польск.). — Warszawa, 1887. — S. 220.
- Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці / Рэд. П. П. Шуба. — Мінск: Навука і тэхніка, 1981. — 360 с.
- Сацукевіч І. І. Вёскі, што ўвайшлі ў склад Мінска. — nashapamiac.org.