Перайсці да зместу

Шаўл Юдзіч Валь

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Шаўл Юдзіч Валь
Нараджэнне 1541[1]
Смерць 1617
Бацька Samuel Judah Katzenellenbogen[d]
Дзеці Meir Wahl[d]
Веравызнанне іўдаізм

Шаўл Юдзіч Валь або Саўл Кацнеленбоген, таксама вядомы як Вал, Вол, Saul Wahl (1541[1], Падуя[2]1617, Берасце) — рабін у Берасці, арандатар мыта і саляварняў у ВКЛ. Прыватны банкір Радзівілаў. Паводле падання літоўскіх яўрэяў, пасля смерці Стэфана Баторыя абраны на адну ноч польскім каралём. Гістарычнасць Шаўла несумненная, але легенда пра абранне абвяргаецца крыніцамі.

Паводле аднаго з яўрэйскіх апавяданняў, князь Мікалай Радзівіл Чорны адправіўся ў пакаяннае паломніцтва ў Італію і прыбыў у Падую, пераапрануўшыся жабраком; усе са смехам і кпінамі не прызнавалі яго княжацкае паходжанне. Нібыта князя падтрымаў толькі рабін Самуэль Іуда Кацэнэленбоген, прыняў яго з належнай пашанай і гасціннасцю. У падзяку Радзівіл абавязаўся прыняць у Польшчы яго сына Саўла, які нібыта жыў у адной з мясцовых ешыў. На праўдзе Саўл вучыўся ў вядомай талмудычнай школе ў Бярэсці, адкуль Радзівіл забраў яго да свайго двара[3].

Кажуць, што Саўл захапляў сучаснікаў ведамі і мудрасцю, стаўшы вядомым усёй краіне. Неўзабаве Саўл назапасіў значную маёмасць, стаў банкірам, арандатарам мытняў і саляварняў у Вялікім Княстве Літоўскім і Польшчы. 17 мая 1578 года атрымаў каралеўскі прывілей на куплю вяліцкай солі ў Кароне.

Апавядаюць, што падчас міжкаралеўя пасля смерці Стэфана Баторыя ў 1586 годзе нерашучая шляхта вагалася з выбарам пераемніка. Сутыкнуўшыся з сітуацыяй падвойнага абрання Максіміліяна Габсбурга і Жыгімонта Вазы, шляхта ўрэшце прыдумала пасаду часовага караля (rex pro tempore) і прапанавала яе Радзівілу. Аднак той адмовіўся і замест сябе прапанаваў Саўла. Па гэтай версіі, у 1587 годзе пры шырокай падтрымцы шляхты Саўл Валь (wahl — па-нямецку «выбар», «воля») быў абвешчаны каралём у Любліне. Яго ўладарства працягвалася толькі адну ноч, цягам якой ён быццам выдаў шматлікія новыя законы і прывілеі, якія палепшылі стан яўрэяў у Кароне і Княстве.

Валь сапраўды жыў у Брэсце ў часы Жыгімонта Вазы, які быў прыхільны да яго, у 1589 годзе дазволіў Саўлу звацца каралеўскім слугой і выдаў па хадайніцтве Валя некалькі ільгот («прывілеяў») для яўрэяў Княства. Валь пабудаваў у Брэсце сінагогу і змясціў у ёй надпіс: «Шаўл Юдзіч, які мае ўладу, паставіў гэтую сінагогу ў памяць жонкі сваёй Дворы». Гэты надпіс і мог паслужыць крыніцай легенды.

Якаб Кара ў сваім «Interregnum Polens im J. 1587» дапускае магчымасць, што п’яная шляхта жартам магла на адну ноч выбраць багатага і шанаванага ўсімі яўрэя Валя польскім каралём. Паводле легенды, Валь падчас свайго кароткачасовага ўладарства выдаў некалькі прывілеяў для яўрэяў Польшчы. На думку прафесара Сяргея Бяршадскага, у вобразе Валя выступае Жыгімонт Ваза, які на праўдзе надаў яўрэям усё тое, што легенда прыпісвае Валю.

Лічаць, што ў Саўла быў сын — Меір Валь. Нашчадкам гэтага Валя лічаць барона дэ Вормса, статс-сакратара ў кабінеце лорда Солсберы.

  1. а б Deutsche Nationalbibliothek Record #134193814 // Gemeinsame Normdatei — 2012—2016. Праверана 17 кастрычніка 2015.
  2. а б Catalog of the German National Library Праверана 2 мая 2023.
  3. Isidore Singer, Julius Gottlieb. Saul Wahl (англ.). Jewish encyclopedia.
  • Hirsch Edelman. Gedullat Sha’ul («Узвышэнне Саўла»). London, 1844. (іўрыт)
  • М. А. Гецельтен. По поводу легенды о еврее — короле польском // Рассвет, 1880, № 41, стлб. 1608—1609. (руск.)
  • С. А. Бершадский. Еврей король польский. Шауль Юдич Валь из Бреста-Литовского, преемник Стефана Батория // Восход, 1889, № I-II, с. 3—37; № III, с. 3—17; № IV, с. 11—23; № V, с. 101—115. (руск.)
  • Gustav Karpeles. Jewish Literature and Other Essays. Philadelphia, 1895. P. 272—292. (англ.)
  • Eisenstadt. Da’at Kedoshim («Мудрасць святых»). СПб., 1897. C. 84. (іўрыт)