Перайсці да зместу

Узляны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вёска
Узляны
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
1582 г.
Ранейшыя назвы
Паляны, Вузляны
Насельніцтва
  • 321 чал. (2019)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1713
Паштовыя індэксы
222844
Аўтамабільны код
5
Узляны (Беларусь)
Узляны
Узляны
Узляны (Мінская вобласць)
Узляны
Узляны

Узля́ны[1] (трансліт.: Uzliany; часта Вузля́ны[2], раней таксама Паля́ны) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, на левым беразе ракі Вушанка. Уваходзіць у склад Пярэжырскага сельсавета. Месціцца за 35 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, 6 км ад чыгуначнага прыпынку Седча на лініі Мінск — Асіповічы.

Узляны.

Паселішча стаіць на рацэ Вуж (Вужанка, Вушанка), назва паходзіць ад яе. Часам паселішча называлі Ужляны[3].

Паводле географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Узляны мае балцкае паходжанне і адпавядае літоўскаму uzlos — гаць, насціл з жэрдак на гразкай дарозе[4].

Геаграфія і экалогія

[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца на паўночна-заходнім ускрайку Пухавіцкай раўніны на яе мяжы з Мінскім узвышшам. Па ўсходзе тэрыторыя населенага пункту абмежаваная меліяраванай нізінай уздоўж ракі Вушанка, па поўначы і паўднёвым захадзе ― раней забалочанымі нізінамі з меліярацыйнымі каналамі. На паўднёвым захадзе дамінуючыя вышыні да 180 ― 190 м з гарой Селішчы (196 м) ва ўрочышчы Цагельня. На поўдні ― былая забалочаная нізіна, на якой да 1990-х гадоў вялася торфараспрацоўка.

На месцы ранейшай здабычы торфу праведзена рэкультывацыя кар’ера з яго абвадненнем. У выніку ў непасрэднай блізкасці ад вёскі на паўднёвым кірунку ад вуліцы Дамавая ўтвораны разліў «Узляны-Маліннікі» ці Узлянскі разліў плошчай 145 га, які з’яўляецца трэцім паводле велічыні вадаёмам Пухавіцкага раёна і адным з аб’ектаў, які, дзякуючы сваёй фаўне, карыстаецца папулярнасцю сярод рыбаловаў і паляўнічых.

На паўднева-ўсходнім ускрайку вёскі знаходзіцца копанка Узляны з абсталяваным пляжам, якая амаль штогод уключаецца ў пералік паверхневых водных аб’ектаў, якія выкарыстоўваюцца для адпачынку[5].

На ўсход ад вёскі па правым беразе ракі Вушанка раней размяшчаўся кар’ер для здабычы пяску і пясочна-гравійнай сумесі, які быў рэкультываваны з высадкай на яго месцы хвойных дрэваў. Разам з суседні лесам Барок былы кар’ер уключаны ў паляўніча-гаспадарчую зону[6].

Вялікае Княства Літоўскае

[правіць | правіць зыходнік]

У 1-й палове XV стагоддзя Узляны ўваходзілі ў склад Бакштанскай воласці, якая належала заможнаму магнацкаму роду Кезгайлаў. У 1447 годзе частка гэтых уладанняў з Ігуменам і 2000 жыхарамі воласці, а таксама з Узлянамі і суседнімі Азярычынам, Пярэжырамі, Лешніцай і Такарняй, перададзена Віленскаму біскупству[7]. У афіцыйных дакументах Узляны ўпершыню ўпамінаюцца ў 1582 годзе, тады яны адносіліся да маёнтка Пярэжыр, уваходзілі ў склад Менскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага[3]. Не пазней за другую палову XVII стагоддзя ва Узлянах утварылася яўрэйская супольнасць, тады паселішча было падзелена на мястэчка Узляны з пераважна яўрэйскім насельніцтвам і вёску Паляны з хрысціянскім[8].

У 1-м дзесяцігоддзі XVIII стагоддзя ўзлянскай яўрэйскай супольнасцю пабудавана драўляная сінагога[9], асаблівасцю якой быў выраблены рэзчыкам па дрэве Баерам Бен Ісраэлем Арон-ха-Кодэш, дзе захоўвалася Тора супольнасці[8].

У 1771 годзе біскуп віленскі Ігнацы Якуб Масальскі аддзяліў Узляны ад парафіі Пярэжырскай, фундаваў тут уніяцкую царкву Покрыва Багародзіцы, святаром быў Тэадор Дылеўскі[10].

Пад уладай Расійскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]
План вёскі Узляны, 1866 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. Расійскія ўлады адабралі маёнтак у віленскага біскупства і падаравалі яго ў 1795 годзе генералу-паручніку Пятру Аляксеевічу Ісленьеву. Пётр Ісленьеў атрымаў мястэчка Паляны (альтэрнатыўная назва Узляны) з некалькімі вёскамі і 1200 падданых мужчынскага полу[10]. Генерал тут не жыў і ў 1803 годзе саступіў маёмасць генералу войск польскіх Адаму Длускаму. Апошні ў 1805 годзе перадаў Узляны Паўлу Сакеру, які быў родам з Курляндыі. У 1829 годзе ў Міхала, сына Паўла Сакера, маёнтак набыў Ежы Стрэнкоўскі. У 1840 годзе ўдава Катарына Стрэнкоўская падзяліла Узляны паміж сваімі дочкамі — Зузанай, жонкай Яна Лапы, і Юліяй, жонкай Багуслава Копця герба «Любіч». Копцям дасталіся Узляны, а другая палова, названая ў Зузанполем (у гонар Зузаны Лапы з Стрэнкоўскіх) ад пабудаванага фальварка, належала Лапам[10]. Пазней маёнтак Узляны перайшоў сыну Багуслава і Юліі, Аляксандру Копцю, жонкай якога была Філіпіна з Дыякевічаў. Пасля 1861 года ў Пярэжырскай воласці Ігуменскага павета.

У гэты ж час каля 200 яўрэяў «аселі» ў гэтай мясцовасці. Займаліся яны пераважна рознічным гандлем, бо мястэчка атрымала прывілей на нядзельны торг[10]. У сярэдзіне XIX стагоддзя рабінам ва Узлянах быў Шалом Штылбанс, адзін з найбольш шанаваных іўдзейскіх святароў, які меў афіцыйны тытул «гаон»[8]. Пасля яго смерці ў 1870 годзе іўдзейскую супольнасць узначаліў яго сын Пінхас Штылбанс (1848―?).

У 1886 годзе ёсць праваслаўная царква, у мястэчку вінакурны завод, яўрэйская малітоўная школа. У 1889 годзе ўладальніцай маёнтка Узляны была Філіпіна Мацвееўна Копець, было 300 дзесяцін зямлі; маёнткам Сузанполь (Зузанполе) валодаў Міхал Паўлавіч Трафімаў, ганаровы грамадзянін, праваслаўны, было 200 дзесяцін зямлі[11]. Пасля Філіпіны Копець маёнткам Узляны валодаў яе сын Артур, капітан гвардыі, потым дачка Эвеліна[10].

У 1897 годзе ў вёсцы былі 2 хлебазапасныя магазіны; таксама было сяло, другая вёска і маёнтак. У 1898 годзе пабудаваная новая (драўляная) Пакроўская царква. У 1903 годзе адкрытая царкоўна-прыходская школа[12].

У 1909 годзе ў мястэчку была праваслаўная царква, сінагога, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, праводзіліся штотыднёвыя таржкі. У 1914 годзе ва Узлянах дзейнічала Дзяржаўная ашчадная каса № 117 пры Мінскім аддзяленні Дзяржаўнага банка.

Помнік загінулым яўрэям.

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Створана працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1922 годзе вучылася каля 70 дзяцей, працавалі 2 настаўнікі. 3 20 жніўня 1924 года цэнтр Узлянскага сельсавета Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года); з 18 студзеня 1931 года ў Пухавіцкім, з 12 лютага 1935 года ў Рудзенскім, з 6 ліпеня 1935 года ў Смілавіцкім, з 11 лютага 1938 года ў Рудзенскім раёнах[12]. У пачатку 1930-х гадоў праведзена прымусовая калектывізацыя. У 1933 годзе былі калгасы імя Сталіна і імя Леніна, 2 млыны, шавецкая майстэрня, 2 кузні. З 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці[12].

У Другую сусветную вайну з 28 чэрвеня 1941 года была акупавана войскамі Германіі. 8 кастрычніка 1941 года нямецкая адміністрацыя здзейсніла забойства 375 мірных жыхароў — яўрэяў, якія жылі ва Узлянах. Дзейнічала антыфашысцкае падполле, у ваколіцах вёскі — савецкая партызанская брыгада «Беларусь». 4 ліпеня 1944 года пры савецкім вызваленні раёна каля вёскі ў баі адзначыліся салдаты 5-й батарэі 220-га знішчальна-супрацьтанкавага артылерыйскага палка 48-й арміі пад камандаваннем гвардыі капітана Антона Леанцюка, якія, паводле савецкай гістарыяграфіі, з узводам прыдадзеных танкаў у ходзе 3-гадзіннага бою адбілі 6 варожых атак, забілі больш за 600 салдат і афіцэраў, 2 самаходна-артылерыйскія ўстаноўкі, 4 мінамёты, 9 аўтамашын і бронетранспарцёраў, 6 кулямётаў. Антону Леанцюку, гвардыі сяржантам Дзмітрыю Чапусаву, Афанасію Чарняку, Яфрэму Курачкіну[d] і гвардыі малодшаму сяржанту Васілю Токараву (пасмяротна) прысвоена званне Героя Савецкага Саюза[12].

З 8 красавіка 1957 года ў Навапольскім сельсавеце Рудзенскага раёна[13]. З 20 студзеня 1960 года ў Пухавіцкім раёне[14], з 1 красавіка 1960 года ў Пярэжырскім сельсавеце[15]. У 1968 годзе да Узлян была далучана вёска Паляны[16]. У 1970 годзе цэнтр калгаса імя Куйбышава[12]. У 1980-х гадах і пазней дзейнічалі базавая школа, дзіцячы яслі-сад, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, ашчадная каса, дом культуры з музеем, магазін раённага спажывецкага таварыства і комплексны пункт бытавога абслугоўвання[12].

Мясцовая сельскагаспадарчая вытворчасць ажыццяўляецца калгасам (з 2003 года ― калгасам-камбінатам) «Барацьба» з цэнтрам у Зазерцы, пераўтвораным у 2010 годзе ў ААТ «Зазерка»[17]. З 2005 года ва Узлянах зарэгістравана і функцыянуе ТАА «Ліцейны двор», якое займаецца вытворчасцю мастацкіх кампазіцый з каляровых і чорных металаў. Да 28 мая 2013 года вёска была цэнтрам Узлянскага сельсавета[18].

У 2000-х ― 2010-х гадах у вёсцы спыніў сваю работу шэраг устаноў. У 2016 годзе адбылося закрыццё дзіцячага сада і школы, адукацыйныя паслугі насельніцтву аказваюцца на базе дзяржаўнай установы адукацыі «Грэбенская базавая школа». У 2020 годзе двухпавярховы цагляны будынак узлянскай базавай школы прададзены на аўкцыёне[19].

  • 1800 год — вёска, 62 двары, 532 жыхары; мястэчка, 15 двароў, 87 жыхароў
  • 1886 год — 73 двары, 624 жыхары
  • 1897 год — мястэчка, 135 двароў, 805 жыхароў; сяло, 76 двароў, 570 жыхароў; вёска, 75 двароў, 562 жыхары; маёнтак, 3 двары, 67 жыхароў
  • 1908 год — вёска, 75 двароў, 502 жыхары; другая вёска, 76 двароў, 570 жыхароў; мястэчка, 105 двароў, 867 жыхароў; маёнтак, 3 двары, 67 жыхароў
  • 1917 год[20] — мястэчка, 102 двары, 690 жыхароў (89 беларусаў, 12 палякаў, 589 яўрэяў); сяло, 78 двароў, 438 жыхароў (434 беларусы, 4 «іншай нацыянальнасці» — не беларусы, палякі, яўрэі ці ўкраінцы); вёска, 103 двары, 521 жыхар (515 беларусаў, 6 палякаў); маёнтак, 39 жыхароў (34 беларусы, 5 палякаў)
  • 1960 год — 120 жыхароў
  • 1970 год — 166 двароў, 447 жыхароў
  • 1999 год — 436 жыхароў
  • 2002 год — 151 двор, 399 жыхароў
  • 2009 год — 375 жыхароў
  • 2019 год — 321 жыхар[21]
Магіла Міхала Богуша-Шышкі, 2024 г.

Страчаная спадчына

[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
  • Давід Сарноў (1891—1971) — амерыканскі сувязіст і бізнесмен, адзін з заснавальнікаў радыё і тэлевяшчання ў ЗША.
  • Юджын Лаянс (1898—1985) — амерыканскі журналіст і пісьменнік, стрыечны брат Давіда Сарнова.
  • Міхаіл Гебелеў (1905—1942) — кіраўнік падполля ў Мінскім гета.
  • Васіль Барташэвіч (1915—2009) — жывапісец.
  • Давід Гершановіч (1920—2007) — доктар геолага-мінералагічных навук.
  • Соф’я Наркевіч, дзяв. Паўловіч (1928—2009) — свінарка калгаса імя Куйбышава, Герой Сацыялістычнай Працы (1966), дэпутатка Вярхоўнага Савета БССР.
  • Дзмітрый Плышэўскі (?—1937) — святар, у 1999 годзе як святамучанік прылічаны Беларускім экзархатам Рускай праваслаўнай царквы да мясцовашанаваных святых, уключаны ў спіс навамучанікаў i спаведнікаў Расійскіх. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года быў прызначаны святаром у Палянскую (Узлянскую) царкву Покрыва Прасвятой Багародзіцы, падчас узмацнення антырэлігійнай палітыкі быў упершыню арыштаваны ў 1930 годзе ва Узлянах, а пасля закрыцця храма і пераводу ў Смалявічы арыштаваны ў верасні 1937 года i рэпрэсаваны за «контррэвалюцыйную дзейнасць».
Цэнтральная вуліца.
  • Давіда Сарнова вуліца
  • Дамавая вуліца
  • Новы завулак
  • Палявая вуліца
  • Садовая вуліца
  • Цэнтральная вуліца[22]
  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Вузля́ны
  2. Памяць 2003, с. 692.
  3. а б Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: Белкартаграфія. — Т. 1 / [рэд. Л.У. Шклярэвіч]. — 244, [3] с., іл. с. — ISBN 978-985-508-060-3. С. 200.
  4. к // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. — Минск: Издательство Белорусского государственного университета, 1974. — 447 с. — 12 700 экз. С. 383.
  5. «Не зная броду, не суйся в воду»: несколько простых рекомендаций любителям отдохнуть вблизи водоемов — Пухавiцкiя навiны. Пуховичские новости. Марьина Горка. Новости Марьиной Горки (руск.)(недаступная спасылка) (4 мая 2021). Архівавана з першакрыніцы 29 мая 2023. Праверана 26 верасня 2024.
  6. БООР. rgooboor.by. Праверана 26 верасня 2024.
  7. Jelski A. Ozieryczyn. Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. T. VII. — Warszawa, 1892. — С. 788.
  8. а б в Леонид Смиловицкий: По следам еврейских кладбищ Беларуси. Узляны — Мастерская (руск.) (5 сакавіка 2020). Праверана 2 лістапада 2024.
  9. Wooden Synagogues of Poland in the 17th and 18th Century. Uzlyany (англ.). WE REMEMBER! SHALOM! (1 марта 2003).
  10. а б в г д SgKP 1892, s. 869.
  11. Список землевладельцев Минской губернии, Мн., 1889
  12. а б в г д е Узляны // Гарады і вёскі Беларусі. Т. 8 : Мінская вобласць, кн. 4 / Т.У. Бялова (галоўны рэдактар) і інш. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 190. — 528 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0735-9.
  13. Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 8 красавіка 1957 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1957, № 5.
  14. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Аб ліквідаванні некаторых раёнаў Беларускай ССР ад 20 студзеня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 2.
  15. Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 1 красавіка 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 10.
  16. Памяць 2003, с. 25.
  17. Кацярына Вернікоўская. ААТ «Зазерка» адзначае 90-гадовы юбілей. Пухавіцкія навіны (20 марта 2020).
  18. «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Архівавана 31 сакавіка 2016. (руск.)
  19. Здание бывшей школы продано на аукционе в Пуховичском районе (руск.). belta.by (20 ліпеня 2020). Праверана 26 верасня 2024.
  20. Список населенных мест Б.С.С.Р. (б. Минской губернии) 1924, с. 103.
  21. Belarus. pop-stat.mashke.org. Праверана 26 верасня 2024.
  22. Спіс вуліц і іншых элементаў ўнутранага адраса(недаступная спасылка). Нацыянальнае кадастравае агенцтва Рэспублікі Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 11 красавіка 2021. Праверана 12 лютага 2020.