Сіньша
| Сіньша | |
|---|---|
| Восень у заказніку Сіньша | |
| Морфаметрыя | |
| Вышыня над узроўнем мора | 145,6 м |
| Даўжыня | 4 км |
| Шырыня | 1,44 км |
| Плошча | 2,53 км² |
| Аб’ём | 0,0081 км³ |
| Даўжыня берагавой лініі | 9,9 км |
| Найбольшая глыбіня | 7,1 м |
| Сярэдняя глыбіня | 3,2 м |
| Гідралогія | |
| Салёнасць | 0,18—0,185 ‰ |
| Празрыстасць | 1,8 м |
| Басейн | |
| Плошча вадазбору | 1782 км² |
| Упадаюць | Дрыса |
| Выцякаюць | Дрыса |
| Размяшчэнне | |
| Краіна |
|
| Рэгіён | Віцебская вобласць |
Сі́ньша — возера на мяжы Віцебскай вобласці (Расонскі раён) Беларусі з Пскоўскай вобласцю Расіі ў басейне ракі Дрыса, за 37 км на ўсход ад гарадскога пасёлка Расоны, за 6 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Забор'е, на тэрыторыі ландшафтнага заказніка Сіньша.
Плошча паверхні 2,53 км². Даўжыня возера 4 км, найбольшая шырыня 1,44 км, даўжыня берагавой лініі 9,9 км. Найбольшая глыбіня 7,1 м, сярэдняя 3,2 м. Аб'ём вады 8,07 млн. м³. Плошча вадазбору 1782 км².
Вадазбор у межах Беларусі дробна- і сярэднеўзгорысты, складзены з суглінкаў, пяскоў і супескаў. Катлавіна возера лагчыннага тыпу, выцягнутая з паўночнага захаду на паўночны ўсход. Двума астравамі (агульная плошча 0,17 км²) і паўвостравам катлавіна падзелена на 2 плёсы, злучаныя вузкімі пралівамі. Схілы катлавіны вышынёй 10—15 м (на паўночным усходзе 5—8 м), умерана стромкія, параслі лесам. У паўночнай і ўсходняй частках тэраса вышынёй 1,2 м. Берагавая лінія звілістая. Ёсць мноства невялікіх заліваў. Берагі зліваюцца са схіламі катлавіны. Пойма шырынёй 10—20 м, пад хмызняком. Зона мелкаводдзя вузкая вакол астравоў і ўздоўж паўночна-заходняга берага. У астатніх месцах мелкаводдзе пашыраецца да 50 м. Дно да глыбіні 2,5—3 м выслана пяском, ніжэй ілам і сапрапелем.
Возера эўтрофнае, праточнае. Зарастае да глыбіні 3,5 м, асабліва паўночная частка (пераважна рдзестамі). Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шырынёй 20—30 м, пашырана да глыбіні 2,2 м. У заходніх залівах паўночна-ўсходняга плёса возера расце вадзяны арэх плывучы (від, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі).
Возера злучана пратокамі з азёрамі Валоба (на паўночным захадзе) і Данское (на поўдні).
У возеры водзяцца шчупак, лешч, акунь, плотка, краснапёрка, лінь, судак, жэрах, гусцяра, мянтуз і іншыя віды рыб.
Маляўнічасць і зручнае палажэнне робяць возера прыдатным для воднага турызму і адпачынку.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Курловіч М. М. Сіньша // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — 599 с., іл. — 10 000 экз.
- Сіньша // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 408. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Блакітны скарб Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 2007.
- Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Витебская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2010. — С. 13. — 72 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-136-5. (руск.)
