Перайсці да зместу

Ларыса Фёдараўна Шчыракова

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ларыса Фёдараўна Шчыракова
Род дзейнасці журналістка
Дата нараджэння 13 красавіка 1973(1973-04-13) (52 гады)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Узнагароды і прэміі

Ларыса Фёдараўна Шчыракова (нар. 13 красавіка 1973) — беларуская журналістка, краязнаўца, палітычная зняволеная рэжыму Лукашэнкі.

Нарадзілася 13 красавіка 1973 года ў Гомелі. Скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францішка Скарыны. Па спецыяльнасці працавала настаўніцай гісторыі і англійскай мовы ў школе.

Пазней захапілася журналістыкай і займалася ёй прафесійна з 2008 года. Супрацоўнічала з рознымі незалежнымі медыя, больш за іншых — з тэлеканалам «Белсат»[1][2].

З 2009 года рэалізоўвала праекты Еўрапейскай камісіі для грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, працуючы з ліквідаванай уладамі ў 2021 годзе моладзевай групай «Талака» над стварэннем і распаўсюджваннем відэаматэрыялаў грамадскай накіраванасці ў Гомелі.

У 2012 годзе Шчыракова сыграла галоўную ролю ў дакументальна-мастацкай стужцы «Палута Бадунова — успомніць і не забыць»[3][патрэбна лепшая крыніца]. Фільм пра Палуту Бадунову паводле кнігі Валянціны Лебедзевай пачала здымаць сама, але потым звярнулася да рэжысёра Валерыя Мазынскага[4].

Таксама мела ўласны праект «Забітыя і забытыя», у якім здымала відэасюжэты пра рэпрэсаваных Сталіным жыхароў Гомельшчыны і змяшчала іх на сваім канале YouTube[5][патрэбна лепшая крыніца].

Палітычны пераслед, суды і зняволенне

[правіць | правіць зыходнік]

За прафесійную дзейнасць журналістку больш за 40 разоў каралі адміністрацыйнымі штрафамі[6][7]. За асвятленне паслявыбарчых акцый пратэсту 2020 года суды ёй сутак не прызначалі, бо Шчыракова адна гадавала непаўналетняга сына[8].

6 снежня 2022 года журналістку арыштавалі пасля ператрусу ў яе доме, сына змясцілі ў прытулак[9]. 16 снежня 2022 года сумеснай заявай васьмі арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі ПЭН, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Прававая ініцыятыва, Шчыракову прызналі палітычнай зняволенай[10].

27 жніўня 2022 года ў Гомельскім абласным судзе пачаўся закрыты працэс над палітвязынкай[11]. Шчыракову абвінавацілі паводле артыкулаў 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса[1]. Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, яна «са жніўня 2020 года па снежань 2022 года, выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, праз розныя месэнджары і ўліковыя запісы ў сацсетках перадала для размяшчэння і размясціла ў інтэрнэце, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь». Таксама яна нібыта "ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу аўдыя‑, відэа‑, фота- і тэкставай інфармацыі для далейшага выкарыстання ў мэтах забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці інфармацыйнага рэсурсу «Вясна» і экстрэмісцкага фармавання «Белсат»[12].

31 жніўня 2023 года суддзя Мікалай Доля прысудзіў палітвязынцы 3,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, а таксама штраф 100 базавых велячынь (3700 BYN) з частковай канфіскацыяй маёмасці[11][13][12].

Шчыракова, якая ў 2021 годзе яшчэ да прызнання «Белсата» экстрэмісцкім фармаваннем, публічна заявіла, што сыходзіць з журналістыкі, не прызнала сваёй віны і не падавала апеляцыю на прысуд, палічыўшы гэта марным[12]. Вырак набыў моц, і 22 верасня 2023 года асуджаную журналістку ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў» МУС[14]. Неўзабаве Шчыракову этапавалі з гомельскага СІЗА № 6 ў жаночую папраўчую калонію № 4 у Гомелі адбываць тэрмін[12].

У калоніі яна працавала швачкай. Па словах праваабаронцаў і былых зняволеных, умовы працы палітычных зняволеных цяжкія, а заробкі мізэрныя[15][патрэбна лепшая крыніца].

Вызваленне і прымусовы вываз з Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]

11 верасня 2025 года, калі Ларысе быць у няволі заставалася 4 месяцы, яе вызвалілі, і ў складзе 51 палітзняволеных прымусова вывезлі з Беларусі ў Літву[16].

«Я думала: я застануся, о`кей, задушыцеся, я адсяджу, але потым я зараблю сабе права жыць у сваёй краіне. Але выйшла, што гэта ілюзія. І нягледзячы на тое, што я адсядзела і мне засталося толькі чатыры месяцы, усё роўна мне не далі магчымасці застацца ў сваёй краіне», – распавяла «Белсату» былая палітзняволеная[17]. 

12 верасня 2025 года падчас прэс-канферэнцыі з выдваранымі з Беларусі палітвязнямі, Ларыса Шчыракова расказала падрабязнасці пра сваё ўтрыманне ў калоніі[18]. 

Асабістае жыццё

[правіць | правіць зыходнік]

Сына Святаслава Ларыса выхоўвала адна. З-за арышту маці 6 снежня 2022 года сын быў змешчаны ў дзіцячы дом. Праз месяц адтуль яго забраў пад апеку бацька, які жыў у Расіі, бо іншым родзічам хлопца не аддалі[19].

Падчас зняволення Шчыраковай у гомельскім СІЗА ў 2023 годзе памерла яе маці, на пахаванне якой яе не адпусцілі[20].

Міжнародная падтрымка

[правіць | правіць зыходнік]

Прэзідэнтка Еўрапарламента Раберта Метсола выказала безумоўную салідарнасць са Шчыраковай і ўсімі незалежнымі журналістамі, якія знаходзяцца ў турмах Лукашэнкі[21].

Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) і саюзы французскіх журналістаў SNJ, SNJ-CGT, CFDT-Journalistes зрабілі адмысловую заяву, у якой заклікалі да безадкладнага вызвалення Шчыраковай[22].

Прэзідэнтка Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Мая Север (Maja Sever) напісала і перадала Шчыраковай ліст з цёплымі словамі падтрымкі[23].

Абавязкі сімвалічнай «хроснай» Шчыраковай узяла на сябе Вэндзі Чэмберлен  (англ.), дэпутатка Палаты абшчын Вялікабрытаніі  (англ.)[24].

У кастрычніку 2023 года Шчыракова атрымала прэмію Free Media Awards  (англ.) за сваю журналісцкую дзейнасць[25].

  1. а б Лариса Щирякова — Политзаключённые в Беларуси (руск.). Праваабарончы цэнтр «Вясна». Праверана 3 красавіка 2025.
  2. Суд прызначыў Ларысе Шчыраковай 3,5 гады зняволення . Беларуская асацыяцыя журналістаў (31 жніўня 2023). Праверана 3 красавіка 2025.
  3. Краязнаўства Гомеля і Гомельшчыны. Палута Бадунова: успомніць і не забыць (22 сакавіка 2018). Праверана 3 красавіка 2025.
  4. Мазынскі здымае «жалезную лэдзі». Беларуская служба Радыё «Свабода».
  5. Lara Shchyrakova(нявызн.). YouTube. Праверана 3 красавіка 2025.
  6. Ларыса Шчыракова: Хачу паказаць абсурднасць беларускага суду (+відэа, фота) . Гомельская вясна. Праверана 3 красавіка 2025.
  7. https://homeldays.org/5-fakta-pra-zhurnalistku-i-krajazna-cu-larysu-shchyrakovu/
  8. Супраць Ларысы Шчыраковай распачалі крымінальную справу. Яе сына возяць пад наглядам з прытулка ў школу. Беларуская асацыяцыя журналістаў.
  9. Сын затрыманай Ларысы Шчыраковай – за паўтара кіламетра ад дома, дзе жыў з маці. Сваякі чакаюць яго бацьку з Сібіры . Беларуская асацыяцыя журналістаў (9 снежня 2022). Праверана 3 красавіка 2025.
  10. Заява праваабаронцаў аб прызнанні 11 чалавек палітычнымі зняволенымі . Праваабарончы цэнтр «Вясна» (16 снежня 2022). Архівавана з першакрыніцы 6 лютага 2023. Праверана 3 красавіка 2025.
  11. а б Ларису Щирякову осудили за содействие экстремистской деятельности и дискредитацию Беларуси (руск.). Праваабарончы цэнтр «Вясна» (31 жніўня 2023). Праверана 3 красавіка 2025.
  12. а б в г Ларыса Шчыракова ўжо ў гомельскай жаночай калоніі № 4 . Беларуская асацыяцыя журналістаў (3 кастрычніка 2023). Праверана 3 красавіка 2025.
  13. Вынесли приговор Ларисе Щиряковой (руск.). Наша Ніва (31 жніўня 2023). Праверана 3 красавіка 2025.
  14. Асуджаную журналістку Ларысу Шчыракову дадалі ў «спіс экстрэмістаў» . Беларуская асацыяцыя журналістаў (22 верасня 2023). Праверана 3 красавіка 2025.
  15. https://www.facebook.com/100000566311557/posts/9844295442265902
  16. 51 палітвязень у Літве, Статкевіч у Беларусі, «Белавія» з ліцэнзіяй. Поўны спіс вызваленых і важныя дэталі. Белсат.
  17. Ад тыдня да 14 гадоў. Колькі заставалася сядзець у калоніях вызваленым 11 верасня палітзняволеным?== Вядомыя асобы ==. Белсат.
  18. Ларыса Шчыракова расказала падрабязнасці пра сваё ўтрыманне ў калоніі. Белсат.
  19. ZB. 5 фактаў пра журналістку і краязнаўцу Ларысу Шчыракову . Homeldays (30 чэрвеня 2023). Праверана 3 красавіка 2025.
  20. Свабода, Радыё. У палітзьняволенай журналісткі Ларысы Шчыраковай памерла маці . Беларуская служба Радыё «Свабода» (7 чэрвеня 2023). Праверана 3 красавіка 2025.
  21. Прэзідэнтка Еўрапарламента выказала салідарнасць са зняволенай Ларысай Шчыраковай, вырак якой агучаць заўтра . Беларуская асацыяцыя журналістаў (30 жніўня 2023). Праверана 3 красавіка 2025.
  22. Суд у Гомелі адхіліў скаргу Ларысы Шчыраковай на ўтрыманне пад вартай . Беларуская асацыяцыя журналістаў (16 студзеня 2023). Праверана 3 красавіка 2025.
  23. Президент EFJ поддержала политзаключенную Ларису Щирякову (руск.). Беларуская асацыяцыя журналістаў (13 верасня 2024). Праверана 3 красавіка 2025.
  24. У зняволенай журналісткі Ларысы Шчыраковай з'явілася «хросная» . Беларуская асацыяцыя журналістаў (22 студзеня 2024). Праверана 3 красавіка 2025.
  25. Ларысе Шчыраковай уручылі прэмію Free Media Awards . Беларуская асацыяцыя журналістаў (17 верасня 2024). Праверана 3 красавіка 2025.