Даўжыня цела 0,5—6 мм. Самцы драбнейшыя за самак. Цела пляскатае з бакоў, укрыта хіцінавым покрывам з валаскамі або шчацінкамі.
Блохі другасна бяскрылыя. Яны цалкам страцілі крылы ў працэсе прыстасавання да эктапаразітызму ў імагінальнай фазе. Заднія ногі скакальныя.
На галаве пара простых вачэй (некаторыя сляпыя). Вускі схаваныя ў паглыбленнях. Ротавы апарат колюча-сысучы. Блохі валодаюць вузкаспецыялізаваным ротавым апаратам, прызначаным для праколвання покрываў гаспадара і высмоктвання крыві.
Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі чэрвепадобныя, бязногія, пазбаўлены вачэй. Акукліванне ў кокане.
Многія з’яўляюцца пераносчыкамі розных узбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл, у т.л. чумы, тулярэміі і інш. Прамежкавыя гаспадары некаторых відаў гельмінтаў. Меры барацьбы: санітарна-гігіенічныя, хімічныя.