Цюцкі
| Цюцкі лац. Ciucki | |
| Дата заснаваньня: | перад 1640 годам |
| Краіна: | Беларусь |
| Вобласьць: | Гомельская |
| Раён: | Брагінскі |
| Сельсавет: | Малажынскі |
| Насельніцтва: | 101 чал. |
| Часавы пас: | UTC+3 |
| Тэлефонны код: | +375 2344 |
| Нумарны знак: | 3 |
Цю́цкі — даўняе баярскае сяло, хутар, пазьней вёска зь нібыта інтэрпрэтаванай па-беларуску[a], але сустрэтай выключна ў расейскіх тэкстах, назвай Цюцькі, у сваю чаргу перайменаваная ў 1914 годзе ў Аляксееўку. Месьціцца ў Малажынскім сельсавеце Брагінскага раёну Гомельскай вобласьці Беларусі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Карона Каралеўства Польскага ў Рэчы Паспалітай
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]


Найранейшая зьвестка пра паселішча датаваная 18-м кастрычніка 1640 году[b], калі, паводле тарыфу падымнага «dwoiego» Кіеўскага ваяводзтва 1640 году, князь Ярэмі Міхал, сын Міхаіла, Вішнявецкі з 3 дымоў «z sioła bojarow[c] Ciucków» выплачваў 3 злотых[2].
Потым хутар Ciucki згаданы ажно ў 1734 годзе, калі знаходзіўся ў заставе ў айцоў цыстэрцыянаў кімбараўскіх[3], хоць уладальнікам усяго Брагінскага маёнтку на той час быў ужо князь Міхал Сэрвацы Вішнявецкі, бо з 1733 года пачаў звацца яшчэ і «графам на Брагіне»[4].
На 24 студзеня 1740 году ў прыходзе Глухавіцкай Сьвята-Міхайлаўскай царквы згаданы хутар Цюткі[d], у якім было 4 гаспадаркі[5].
31-м ліпеня 1749 году датаваны запіс у мэтрычнай кнізе царквы Сялецкага базыльянскага манастыра аб хросьце немаўпяці Ільлі, сына Ёсіпа і Марыны Рудабельчанкаў зь вёскі Ciudzkow, а сярод кумоў названы Jewstafij C(і)ucka[6].




У 1754 годзе з 8 двароў (×6 — каля 48 жыхароў) брагінскай вёскі Acieki[e], што была ў заставе ў ксяндзоў цыстэрцыянаў кімбараўскіх выплачваліся «do grodu»[f] 1 злоты і 6 грошаў, «na milicję»[g] 4 зл. і 24 гр.[7]. У тым жа 1754 г. Брагінскае графства была куплена ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай за 550 000 злотых панам Францішкам Антоніем, сынам Мікалая, Ракіцкім, войскім ашмянскім (†1759).
23 жніўня 1761 году ў Сяльцы сьвятаром-базыльянінам Барлаамам (Валаамам) Пяшко ахрышчаны Лаўрэнці, сын шлюбных родзічаў Барыса і Анастасіі Хаменкаў. Кумамі пры тым выступілі Андрэй Буйневіч і Алена Рудэнчынкава (Рудабільчанкава?). У 1762 годзе, калі ахрышчаная Юстына, дачка Грышка і Анастазыі Войцехаў, верных лацінскага абраду, а за кумоў былі Пётар Рудабільчанка і Еўдакія Маручкова, жыхары Цюцкаў нібыта працягвалі заставацца прыхаджанамі царквы манастыра сялецкіх базыльянаў[8].
Згодна зь перапісамі габрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў, у паселішчы Цюцкі, называным і хутарам, і вёскай, налічвалася адпаведна 5, 3 і 3 гаспадары — плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Брагінскага кагалу[9].
Хутар Цюцкі прысутны ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 году.

Ці не ўпершыню форма Tiutki ўжытая нават па-польску ў візыце Чарнобыльскага дэканату 1785 году, што да прыходу Брагінскай Сьвята-Мікалаеўскай царквы. Тады ў вёсцы, якая месьцілася за 2 мілі ад царквы, было 9 дымоў (≈ 54 жыхары)[10].
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Цюцкі апынуліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету спачатку Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[11].
З крыніцы, заснаванай на матэрыялах расейскай рэвізіі 1795 году, даведваемся, што вёскі Цюткі, Крыўча, Зарэчча, Сьцяжарнае, Дублін, Юркавічы, Сьпярыжжа, якія належалі Людвіку і Алаізію Ракіцкім, былі ў арэндзе ў пана Дыяніза Козела[12]. З паваротам у 1795 годзе большасьці цэркваў у рэгіёне да маскоўскага праваслаўя, пры захаваньні Сялецкага манастыра за базыльянамі, жыхары Цюткаў (пазьней Цюцькоў) былі сталымі прыхаджанамі Сьвята-Мікалаеўскай царквы ў Брагіне, што і паказваюць мэтрычныя кнігі[13] ажно да 1845 году. Ад таго часу цюцькоўцы ізноў далучаныя да прыходу ў Сяльцы.

У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 119 жыхароў вёскі Цюцькі абодвух полаў зьяўляліся прыхаджанамі Сялецкай Праабражэнскай царквы[14].

У парэформавы пэрыяд Цюцькі належалі да Брагінскай воласьці. Паводле зьвестак на 1876 і 1879 гады жыхары вёскі заставаліся прыхаджанамі Праабражэнскай царквы ў Сяльцы[15].
На 1909 год у вёсцы Цюцькі налічвалася 56 двароў з 396 жыхарамі[16].
22 сьнежня 1913 году, у сувязі з узьвядзеньнем будынку і асьвячэньнем царквы ў Цюцьках, было арганізавана «всеподданнейшее ходатайство» тутэйшых жыхароў, што да зьмены статусу і назвы паселішча. Гэтак 20 жніўня 1914 году спыніла сваё існаваньне вёска з «позорным именем» Цюцькі, але паўстала сяло, названае Аляксееўкай[h] у гонар 10-годзьдзя сына расейскага імпэратара Мікалая ІІ цэсарэвіча Аляксея[18].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Аляксееўка ў складзе Брагінскай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[19].

1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Брагінская воласьць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня Масква далучыла яе разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі да РСФСР.
Ад 8 сьнежня 1926 году вёска — у складзе Крыўчанскага сельсавету Брагінскага раёну Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году Гомельскай акругі БССР. У 1930 годзе тут арганізаваны калгас «Аляксееўка», працавалі вятрак і кузьня. З 20 лютага 1938 году Аляксееўка — у Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры. З 10 ліпеня 1939 году Аляксееўка стала цэнтрам Крыўчанскага сельсавету[i].
Напярэдадні Другой сусьветнай вайны ў Аляксееўцы было 128 двароў з 513 жыхарамі. У чэрвені 1943 году акупанты разбурылі 26 дамоў, загубіўшы 9 чалавек[21].
З 8 студзеня 1954 году Аляксееўка — у межах Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 году тут налічвалася 548 жыхароў. У складзе калгасу «XVII партзьезд» з цэнтрам у вёсцы Крыўча.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 2004 — 108 двароў, 256 жыхароў
- На 2021 год — 101 жыхар[22]
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ І канешне з націскам на апошнім складзе — Цюцькі́.
- ^ Г. зн. заснаванае яно не ў пачатку XX ст. перасяленцамі з суседніх вёсак, як пісаў С. В. Марцэлеў[1]
- ^ Баяры служылыя – тое, што і панцырныя баяры, якія ў пер. пал. XV — XVIII ст. на ўмовах бясплатнага карыстаньня зямлёй прысягалі спраўна несьці вайсковую службу.
- ^ Назва пададзена досыць вычварна — «w futorze Zuitkach», — але, бясспрэчна, пад уплывам украінскай мовы, бо — праз «t», а не праз «c». Пачатковая «Z» (расчытаць яго як «T» крыху цяжэй) ды перастаноўка «u» на месца «i» спарадзілі тую вычварнасьць.
- ^ Ва ўкраінскім паказальніку запісана Тютки, у польскім – Tiutki.
- ^ Да Оўруцкага замку
- ^ Пераважна на барацьбу супраць гайдамакаў.
- ^ Яшчэ былі варыянты Аляксеева, Аляксееўскае. На раньніх савецкіх мапах пазначана Нова-Аляксееўка, у Я. Н. Рапановіча — Новая Аляксееўка і нібыта з 1913 г.[17].
- ^ 10 ліпеня 1996 г. цэнтар сельсавету вернуты ў вёску Крыўча. 20 верасьня 2002 г. скасаваны, а тэрыторыя далучана да Малажынскага сельсавету[20].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0303-9. С. 68
- ^ Archiwum Państwowe w Krakowie. Archiwum Młynowskie Chodkiewiczów. Mikr. № J – 14970. Sygn. 404. S. 187
- ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 287, 359, 399, 407
- ^ Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. — Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
- ^ Апісаньне цэркваў Любарскага, Бердычаўскага, Чуднаўскага, Жытомірскага, Радамышальскага, Дымерскага, Оўруцкага, Брагінскага і Ястаўскага дэканатаў. 1730–1739 // Інстытут рукапісу Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнадзкага. Ф. 233. Спр. 19. А. 780
- ^ НГАБ у Менску. Ф. 3421. Воп. 1. Спр. 1а. А. 3
- ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. – Біла Церква, 2015. С. 188, 241, 266
- ^ НГАБ. Ф. 3421. Воп. 1. Спр. 1а. А. 33адв., 36адв., 37
- ^ Архив Юго-Западной России. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 302, 391, 711
- ^ Візыты Чарнобыльскага дэканату 1785 г. // Інстытут рукапісу Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнадзкага. Ф. І. Спр. 2477. А. 68адв.
- ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
- ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 72
- ^ Да прыкладу: НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 492а (1795 г.), 513 (1813 г.)
- ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 720адв.
- ^ Минские епархиальные ведомости. – Минск, 1876. № 10. С. 457; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 30
- ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 204
- ^ Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці. / Рэд. П. П. Шуба. — Мінск, 1986. С. 120, 177
- ^ НГАБ. Ф. 1595. Воп. 1. Спр. 3492
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
- ^ Решение Гомельского областного Совета депутатов от 20 сентября 2002 г. № 178 Об упразднении Кривчанского сельсовета Брагинского района и изменении границ Маложинского сельсовета Брагинского района
- ^ Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Гомельская область. Сборник архивных документов и материалов / сост.: А. Р. Дюков, В. Д. Селеменев (рук.) [и др.]; редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. — Минск: НАРБ; М.: Фонд «Историческая память», 2021. С. 321
- ^ Зьвесткі аб паселішчах і колькасьці насельніцтва Малажынскага сельсавету
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць/С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: Белэн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0