Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт»
| Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт» | |
|---|---|
| | |
| Тып | Адкрытае акцыянернае таварыства |
| Заснаванне | 1968 (першая прадукцыя) |
| Краіна | |
| Размяшчэнне | Рэспубліка Беларусь, Гомель |
| Адрас | |
| Ключавыя постаці |
генеральны дырэктар Сяргей Алегавіч Душко |
| Галіна | Чорная металургія |
| Прадукцыя | асновы для станкоў, ліццё для аўтамабілебудавання, мастацкае ліццё |
| Сайт | glz-centrolit.by |
Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт» (ААТ «ГЛЗ „Цэнтраліт“») — адкрытае акцыянернае таварыства, найбуйнейшае прадпрыемства Беларусі, якое спецыялізуецца на вытворчасці літых вырабаў з шэрага і высокатрывалага чыгуну. На працягу 50 гадоў завод з’яўляецца вядомым пастаўшчыком літых вырабаў не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. За гады працы «Цэнтраліт» асвоіў складанае ліццё для станкабудавання, машынабудавання, нафтагазавай і металургічнай прамысловасці, будаўніцтва шахт і метро. Гэтая наменклатура ўяўляе каля 5 тысяч найменняў прадукцыі. Завод асвоіў вытворчасць мастацкага ліцця, якое шырока выкарыстоўваецца для гарадскога дызайну.[1]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Праект прадпрыемства быў распрацаваны ў Кіеве інстытутам «Дзіпрахіммаш». Будаўніцтва пачалося ў 1963 годзе, а ў 1965 годзе завод даў першую прадукцыю, што прызначалася для працягу будаўніцтва. Першая плаўка адбылася ў 1968 годзе. Максімальны аб’ём выпуску адлівак быў дасягнуты ў 1988 годзе і склаў 85,5 тысяч тон. За савецкім часам у розных частках вялікай дзяржавы працавалі яшчэ 9 «Цэнтралітаў», аб’яднаных у адну вытворчую сістэму. Пасля роспуску СССР многія з іх зачыніліся або спазналі вялікі крызіс, што адмоўна адбілася на Гомельскім заводзе, які, аднак, здолеў захаваць усе вытворчыя магутнасці.
Карпусы
[правіць | правіць зыходнік]Асноўная вытворчасць прадпрыемства размешчана ў 3 паасобных карпусах: ліцейны і плавільны корпус, корпус абрубкі і ачысткі ліцця, а таксама чарнавой механічнай апрацоўкі, корпус захоўвання і падрыхтоўкі шыхтавых і фармовачных матэрыялаў. Карпусы звязаныя паміж сабой рознымі камунікацыямі, захаваўшы тым самым вытворчую ўзаемасувязь. Сэрцам завода з’яўляецца цэх плаўленняў і спецыяльных спосабаў ліцця, які забяспечвае заліванне расплаўленага металу ў формы цэхаў буйнога і дробнае ліцця, а таксама вырабляе ўласную прадукцыю аб’ёмам да 9000 тон адлівак у год: неперарыўналітыя нарыхтоўкі, дарожную арматуру, кальцавыя чыгунныя грузы.
Прадукцыя
[правіць | правіць зыходнік]
Першай прадукцыяй завода было ліццё для многіх тыпаў станкоў, якія выпускаліся на станказаводах саюзных рэспублік. У 1980-я «Цэнтраліт» стаў выпускаць чыгунныя цюбінгі для «Мінскметрабуда». За гады працы ГЛЗ «Цэнтраліт» асвоіў складанае ліццё для машынабудавання, станкабудавання, аўтамабілебудавання. Вытворчыя магутнасці дазваляюць вырабляць ліццё масай ад 1 кг да 19 тон.
Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт» у ХХІ стагоддзі ажыццяўляў пастаўку прадукцыі 400 прадпрыемствам Беларусі, 70 прадпрыемствам Расіі, а таксама — кампаніям Фінляндыі, Францыі, Італіі, Венгрыі, Германіі, Турцыі, Арменіі, Азербайджана, Казахстана, Украіны, Літвы, Латвіі, Балгарыі.
Перспектывы
[правіць | правіць зыходнік]Тое, што 50 % працаўнікоў на заводзе складае моладзь да 30 гадоў, дазваляе «Цэнтраліту» з аптымізмам глядзець у будучыню.