Тэкліноў
| Тэкліноў лац. Teklinoŭ | |
| Дата заснаваньня: | каля 1800 году |
| Краіна: | Беларусь |
| Вобласьць: | Гомельская |
| Раён: | Брагінскі |
| Сельсавет: | Вуглоўскі |
| Насельніцтва: |
|
| Часавы пас: | UTC+3 |
| Тэлефонны код: | +375 2344 |
| Паштовы індэкс: | 247637 |
| СААТА: | 3203870076 |
| Нумарны знак: | 3 |
| Геаграфічныя каардынаты: | 51°51′36″ пн. ш. 30°18′14″ у. д. / 51.86° пн. ш. 30.30389° у. д.Каардынаты: 51°51′36″ пн. ш. 30°18′14″ у. д. / 51.86° пн. ш. 30.30389° у. д. |
Тэкліноў на мапе Беларусі ± Тэкліноў | |
Тэкліно́ў — былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіла ў склад Вуглоўскага сельсавету, месьцілася за 13 км на поўнач ад Брагіна, 33 км ад чыгуначнай станцыі Хвойнікі (на галінцы Васілевічы — Хвойнікі ад лініі Каленкавічы — Гомель), 120 км ад Гомеля.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Назва паселішчу нададзена ў гонар Тэклі[a], дачкі ўладальнікаў маёнтку Гарадзішча Людвіка і Ганны з Плятэраў[b] Ракіцкіх, парафіянаў Астраглядаўскага касьцёлу Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, народжанай і ахрышчанай 4 студзеня 1799 году парохам царквы Сялецкага базылянскага кляштару а. Аўрэліем Сулятыцкім[2][c].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Расейская імпэрыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]


Ці не найраней згадка пра двор Тэкліноў зьмешчаная ў мэтрычных кнігах царквы Сялецкага кляштару базылянаў, калі 14 сакавіка 1801 году ксёндз з закону братоў-прапаведнікаў (дамініканаў) Цыпрыян Вірпша ахрысьціў Рыгора, сына Ігнацыя і Ксеніі (Zenii) Сасноўскіх z dworu Teklinowa obrządku rzymskiego, а кумамі былі Ігнацы Дамброўскі з таго ж фальварку і Пелагія Кунцэвічава зь вёскі Вуглы[4].
Каля 11 ліпеня 1808 году ў Тэклінове нарадзіўся і быў ахрышчаны Ян Ксенафонт (Зэнафонт) Мікалай, сын рэчыцкага падсудка Фелікса і Яанны з дому Крушэўскіх Ястржэмбскіх[d][6]. 11 верасьня 1814 году ў царкве Сялецкага кляштару адбыўся хрост Фэрдынанда Яна, сына жыхароў двара Тэкліноў Леона і Анелі з Вольскіх Ястржэмбскіх. Гэтым разам кумою сярод іншых выступіла Тэкля Ракіцкая, дачка маршалка Менскай губэрні[7].
У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» паведамляецца, што 1 мужчына і 2 жанчыны з фальварку Тэкліноў былі парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу[8].
У парэформавы пэрыяд Тэкліноў адміністрацыйна належаў да Брагінскай воласьці Рэчыцкага павету.
У мэтрычных запісах Астраглядаўскага касьцёлу за 1876 год неаднаразова названыя Буйневічы, Гулевічы, Шацілы, Куліцкія з Тэклінова, які пазначаўся засьценкам, фальваркам і вёскай[9].
Згодна з кліравой ведамасьцю Сялецкай Праабражэнскай царквы, у 1903 годзе яе прыхаджанамі былі 39 асобаў мужчынскага і 49 жаночага полу, якія жылі за 2 вярсты ў 9 і 3/4 двара[e] вёскі Тэкліноў[10]. На 1909 год хутар Тэкліноў складаў 31 двор, які насялялі 116 жыхароў[11]. З царкоўнай ведамасьці 1912 году вынікае, што праваслаўную частку насельніцтва Тэклінова складалі 43 мужчыны і 47 жанчын[12].
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тэкліноў у складзе Брагінскай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападзкага[13].

1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Пасьля другога ўзбуйненьня БССР 8 сьнежня 1926 году Тэкліноў — цэнтар сельсавету ў Брагінскім раёне Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году Гомельскай акругі БССР. 30 сьнежня 1927 году сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Шкуратоўскага сельсавету. У запісцы пад назвай «Сведения о польских населённых пунктах Гомельского округа», пазначанай 1929 годам, паведамляецца, што ў названым паселішчы налічвалася 42 сям’і, 225 душ каталікоў або «палякаў», што складала 75 % да астатніх нацыянальнасьцяў. Згодна з «Арыентыровачным плянам калектывізацыі польскіх вёсак на Гомельшчыне 1929/1930 году», у Тэклінаве[f] меркавалася арганізаваць калгас, машыннае, меліярацыйнае, малочнае і жывёлагадоўчае таварыствы[14].
Вёска зьліквідаваная 25 сакавіка 2011 году, калі была далучаная да вёскі Вуглы[15].
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Ян Мікалай Ястржэмбскі (1808—1874) — інжынер-палкоўнік, вучоны і пэдагог, укладальнік першага расейскамоўнага дапаможніка па практычнай механіцы, лаўрэат палавіннай Дзямідаўскай прэміі Расейскай акадэміі навук, аўтар праектаў мастоў праз Дняпро і Заходнюю Дзьвіну, літаратурны містыфікатар што да «Мёртвых душ» М. В. Гогаля[16].
- Фэрдынанд Ян Ястржэмбскі (1814—пасьля 1883) — эканаміст, рэвалюцыянер-петрашэвец, аўтар мэмуараў[17]
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Таму форма Такліноў успрыймаецца хіба як варыянт, бо гэтак вымаўлялі назву навакольныя сяляне і яшчэ да зьяўленьня аднайменнай вёскі, у якой некаторыя зь іх пасяліліся.
- ^ Менш як праз тры тыдні, ва ўзросьце 19 гадоў, пакінула сьвет жывых ў выніку пасляродавай гангрэны; 26 студзеня пахавана на Сялецкіх могілках[1].
- ^ У датаваным 5 студзеня 1799 г. запісе ў сялецкіх кнігах прыведзена поўнае імя дзяўчынкі — Тэкля Юзафата Антаніна[3]
- ^ 14 ліпеня 1805 г. тут ахрышчаная і іх дачка Апалінарыя Анеля[5].
- ^ Так запісана ў крыніцы. Але, як засьведчыў іерэй Расьціслаў Бандарэнка, меліся на ўвазе ня ўласна сядзібы, а царкоўныя двары, кожны зь якіх мусілі складаць 4 мужчынскія душы.
- ^ У арыгінале пададзена ў назоўным склоне — Тэклінава.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Менску. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 245
- ^ НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 198
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 3адв.
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 10адв.-11
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 28 адв.
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 36
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 57
- ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381адв.
- ^ НГАБ. Ф. 1115. Воп. 1. Спр. 3. А. 144адв.-145, 146адв.-147, 148адв.-149. Спр. 42. А. 142адв.-143, 145адв.-146, 147адв.-148
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41139. А. 29, 32адв.
- ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 199
- ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 41147. А. 34
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны)
- ^ Пичуков В. П., Старовойтов М. И. Гомельщина многонациональная (20 — 30 е гг. XX в.). Выпуск I. — Гомель, 1999. С. 213, 214 — 215
- ^ «О некоторых вопросах административно-территориального устройства Угловского сельсовета». Решение Брагинского районного Совета депутатов от 25 марта 2011 г. № 52 Архівавана 10 ліпеня 2020. (рас.)
- ^ Гусак А. А. Практычная механіка і «Мёртвыя душы»: Мікалай Ястрэбскі. – Мінск: Навука і тэхніка, 1992
- ^ Кісялёў Г. Радаводнае дрэва: Каліноўскі – эпоха – наступнікі. – Мінск: Маст. літ., 1994. С. 162 – 180
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Брагінскага р-на. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2003. — 750 с. ISBN 985-02-0521-0.
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0303-9.