Плястычная дэфармацыя
Плясты́чная дэфарма́цыя — дэфармацыя, пры якой цела ня здольна вярнуць сваю першапачатковую форму і памер пасьля спыненьня дзеяньня сілы, што выклікала дэфармацыю. Плястычнасьць аморфных целеў вызначаецца верагоднасьцю рэлаксацыйных перабудоваў атамаў і малекулаў, а целаў з крышталічнай структурай — стварэньнем, рухам і ўзаемадзеяньнем дэфэктаў у крышталях[1]. Адсутнасьць плястычнасьці або ейнае нізкае значэньне называецца крохкасьцю. У залежнасьці ад умоваў выпрабаваньня многія крохкія матэрыялы здольныя паводзіць сябе як плястычныя, а плястычныя — як крохкія. Да ліку вельмі плястычных матэрыялаў ставяць адпаленую медзь, алюмін, латунь, золата, волава, малавугляродзістую сталь ды іншыя. Менш плястычнымі ёсьць дзюраль і бронза. Да слаба плястычных матэрыялаў заносяць многія легаваныя сталі.
Вельмі вялікі ўплыў на праяву ўласьцівасьцяў плястычнасьці і крохкасьці аказваюць хуткасьць нацягненьня і тэмпэратура. Пры хуткім нацягненьні больш рэзка выяўляецца ўласьцівасьць крохкасьці, а пры павольным — уласьцівасьць плястычнасьці. Напрыклад, крохкае шкло здольнае пры працяглым узьдзеяньні нагрузкі пры нармальнай тэмпэратуры атрымліваць рэштавыя дэфармацыі. Плястычныя жа матэрыялы, як то малавугляродзістая сталь, пад узьдзеяньнем рэзкай ударнай нагрузкі выяўляюць уласьцівасьці крохкасьці.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Пластичність // Українська радянська енциклопедія : у 12 т. / гол. ред. М. П. Бажан ; редкол.: О. К. Антонов та ін. — 2-ге вид. — К. : Головна редакція УРЕ, 1974—1985.