Перайсці да зместу

Палесціна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Палестына)
Гістарычныя межы Рымскай / Візантыйскай / Ісламскай Палесціны

Палесці́на (араб. فلسطين‎ — Філасцін, арам.: ܦܠܫܬ) פלשת), іўр.: tr. ארץ ישראל — эрэц Ісраэль) — гістарычная вобласць у Заходняй Азіі.

Назва «Палесціна» паходзіць ад філістымлян. Спачатку Палесцінай звалі толькі тэрыторыю рассялення філістымлян, але пасля разбурэння Іерусаліма рымскім імператарам Цітам у 73 годзе, ён загадаў усю тэрыторыю паміж Міжземным морам і ракой Іардан называць Палесцінай, каб сцерці памяць пра існаванне Іўдзейскага царства — нягледзячы на тое, што філістымлянаў, на той час, не існавала ўжо больш за 500 гадоў.

На тэрыторыі гістарычнай Палестыны размешчаны сучасныя дзяржавы Ізраіль, Палесціна (Заходні бераг ракі Іардан і Сектар Газа) і заходнія раёны Іарданіі.

Палесціна прымыкае з усходу да ўзбярэжжа Міжземнага мора; абмежавана на паўднёвым захадзе і поўдні Сінайскай і Аравійскай пустынямі адпаведна, на ўсходзе — Сірыйскай пустыняй. На поўначы Палесціна мяжуе з Сірыяй і Ліванам, традыцыйнай мяжой з якімі ёсць Галанскія вышыні, а таксама горныя масівы Эш-Шэйх і Кармель.

Геаграфічна Палестына дзеліцца на тры зоны: прыбярэжную раўніну; цэнтральнае сугор’е, якое пераходзіць у даліну ракі Іардан; сугор’е на ўсход ад Іардана, Галілейскага мора і Мёртвага мора (Заіарданне)[1].

Старажытныя часы

[правіць | правіць зыходнік]

У XIII-XII стагоддзях да н.э. тут жылі філістымляне – народ, ад імені якога рэгіён атрымаў сваю назву.

Пасля, на гэтых землях утварылася Ізраільска-Іўдзейскае царства, якое затым распалася на Ізраільскае царства (на поўначы) і Іўдзейскае царства (у паўднёвай частцы Палестыны).

Далей гэтая тэрыторыя кантралявалася Асірыяй і Вавілонам, Персідскай імперыяй і эліністычнымі царствамі Пталамееў і Селеўкідаў, а ў I стагоддзі да н.э. трапіла ў залежнасць ад Рыма і неўзабаве стала рымскай правінцыяй.

Пасля падзелу Рымскай імперыі Палестына ўвайшла ў склад яе ўсходняй часткі (Візантыі) і (з перапынкам на персідскае заваяванне 614–629 гадоў) заставалася там да 638 года.

Сярэднія стагоддзі

[правіць | правіць зыходнік]

У далейшым, рэгіён быў заваяваны арабамі і знаходзіўся пад іх уладай да 1099 года.

У 1099 годзе крыжакі стварылі тут каралеўства з цэнтрам у Іерусаліме.

Пасля канчатковага выгнання крыжакоў у 1291 годзе, рэгіён больш чым 200 гадоў кантралявалі ўладары Егіпта, а з 1516 года ён знаходзіўся пад уладай Асманскай імперыі.

У 1917 годзе, падчас Першай сусветнай вайны, у якой Асманская імперыя ўдзельнічала ў блоку Цэнтральных дзяржаў, войскі Вялікабрытаніі акупавалі тэрыторыю Палестыны.

У лістападзе 1917 года міністр замежных спраў Брытаніі Артур Бэлфар выдаў дэкларацыю, у якой гаварылася, што ўрад Каралеўства «з ухваленнем разглядае пытанне пра стварэнне ў Палесціне нацыянальнага ачага для яўрэйскага народа» пры ўмове «што не павінна здзяйсняцца ніякіх дзеянняў, якія маглі б парушыць грамадзянскія і рэлігійныя правы існых неяўрэйскіх абшчын у Палесціне».

Пасля паражэння Цэнтральных дзяржаў у вайне Асманская імперыя распалася, а ў 1922 годзе Вялікабрытанія атрымала мандат Лігі Нацый на кіраванне Палестынай. Пры гэтым брытанцы практычна адразу выключылі з тэрыторыі, прызначанай для стварэння «яўрэйскага ачага», раёны, якія сёння належаць Іарданіі[2].

У 1947 годзе Вялікабрытанія адмовілася ад мандата на Палестыну. У лістападзе таго ж года Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю № 181 (II) з планам падзелу Палесціны на яўрэйскую і арабскую дзяржавы. Яўрэі прынялі гэты праект, арабы — не, пачаліся міжэтнічныя сутыкненні, якія суправаджаліся экспрапрыяцыяй зямель і разбурэннем дамоў палестынскіх арабаў.

У маі 1948 года Вялікабрытанія склала мандат, Ізраіль абвясціў незалежнасць, а на наступны дзень на яго напала кааліцыя з пяці арабскіх краін. Такім чынам, Палесціна-Ізраільскае супрацьстаянне стала часткай больш маштабнага араба-ізраільскага канфлікту, які прыняў міжнародны характар.

Па выніках наступнай вайны 1967 года Ізраіль заняў амаль усе тэрыторыі, якія па рэзалюцыі ААН павінны былі перайсці да палестынцаў[3].