Перайсці да зместу

Пілюльшчыкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пілюльшчыкі

Пілюльшчык звычайны
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Byrrhidae


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  113997
NCBI  174914
EOL  7471
FW  69316

Пілюльшчыкі (Byrrhidae) — сямейства жукоў.

Дробныя і сярэдняга памеру, (даўжыня ад 2,5 да 11 мм). Цела авальнае або яйцападобнае, надкрылы з валаскамі. Галава прыкрыта пярэдняспінкай і зверху яе не відаць. На пярэднегрудзях ёсць выступ, які пры ўцягнутай галаве прыкрывае знізу ротавыя органы. Вусікі 11-членікавыя, з больш-менш развітай булавой або паступова патоўшчаныя да верхавінкі. Лапкі 5-членікавыя. Ногі і вусікі ўкладваюцца ў паглыбленні на ніжнім баку цела, лапкі — у паглыбленні на вонкавым баку галёнак. У момант небяспекі жук уцягвае галаву, прыціскае да цела ногі і вусікі і робіцца падобны да эліпсоіднай пілюлі (адсюль назва).

Лічынкі шаравата-бурыя, з зеленаватым адценнем, С-падобна выгнутыя, з вялікай галавой, добра развітымі нагамі.

У сусветнай фаўне звыш 500 відаў, пашыраных у Палеарктыцы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, на Мадагаскары, Шры-Ланцы, Новай Зеландыі. На Беларусі вядома 10 відаў, якія належаць да падсямействаў Limnichnae i Byrrhinae. Найбольш пашыраны пілюльшчык звычайны (Byrrhus pilula) i махалюб (Cytilus sericeus), якія жывуць у подсціле і верхніх слаях глебы ў лясах, на лугах, палях, кормяцца расліннымі рэшткамі, імхамі.