Перайсці да зместу

Linux

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Версія ад 00:41, 6 верасня 2006, аўтар Mienski (размовы | уклад)
(розн.) ← Папярэдн. версія | Актуальная версія (розн.) | Навейшая версія → (розн.)

Linux (таксама вядомы як GNU/Linux), Unix-падобная камп'ютарная аперацыйная сістэма. Самы вядомы ўзор паспяховага праграмнага праекту з адкрытым зыходным кодам і свабоднай праграмы; у адрозненне ад закрытых аперацыйных сістэм, такіх як Windows ці Mac OS X, усе зыходныя коды гэтай аперацыйнай сістэмы цалкам адкрытыя для выкарыстання, мадыфікацый і распаўсюджвання.

Першапачаткова Linux распрацоўваўся і выкарыстоўваўся асобнымі аматарамі на сваіх персанальных камп'ютарах. Але з тых часоў адбылося шмат зменаў, і цяпер Linux падтрымліваюць такія вялікія карпарацыі, як IBM, Sun Microsystems, Hewlett-Packard і Novell, а таксама гэтую АС эфектыўна выкарыстоўваюць у сервернай сферы і, апошнім часам, як настольную аперацыйную сістэму. Linux выкарыстоўваюць і ў суперкамп'ютарах, і ў мабільных тэлефонах. Аналітыкі лічуць асноўнымі прычынамі поспеху гэтай аперацыйнай сістэмы яе бяспеку, нізкі кошт, свабоду выкарыстання і распаўсюджвання.

Гісторыя

У 1983 Рычард Столман заснаваў Праект GNU, мэтай якога было стварэнне паўнавартаснай Unix-падобнай аперацыйнай сістэмы, якая б з'яўлялася да таго ж свабоднай. У пачатку 1990-ых гг., Праект GNU ужо меў амаль усе неабходныя складнікі гэтай сістэмы—бібліятэкі, кампілятары, тэкставыя рэдактары, Unix-падобную абалонку каманднага радка—акрамя галоўнага, ядра. Праект GNU пачаў распрацоўванне ядра Hurd у 1990, заснаванага на мікраядры Mach, але распрацоўка гэтай канцэпцыі цягнулася вельмі марудна.

Тым часам, у 1991, студэнт універсітэта Хельсінкі Лінус Торвальдс пачаў, спачатку як аматарскі праект, напісанне іншага ядра. Торвальдс на той час карыстаўся АС Minix, спрошчанай Unix-падобнай сістэмай, напісанай Танэнбаўмам у навуковых мэтах. Аднак Танэнбаўм не дазваляў іншым людзям змяняць сваю аперацыйную сістэму, і менавіта гэты факт прымусіў Торвальдса пачаць напісанне свайго ядра.

Спачатку Лінус назваў сваё ядро "Freax". Назву ж "Linux" прыдумаў Ары Лемке, адміністратар сервера FTP, на якім размяшчаліся першыя версіі ядра; ён даў гэты назоў тэчцы, з якой упершыню можна было сцягнуць файлы гэтага ядра.

Першапачаткова для настаўлення і ўстанаўлення Linux быў неабходны камп'ютар, які працаваў бы на Minix. Да таго ж, першыя версіі Linux не маглі загружацца з жорсткага дыску самастойна, без дапамогі іншай АС, аднак пазней былі напісаныя адмысловыя праграмы стартавання Linux. Сістэма Linux хутка пераўзышла Minix па функцыянальнасці; Торвальдс і іншыя першыя распрацоўнікі ядра Linux адаптавалі яго для працы з кампанентамі GNU, каб стварыць закончаную поўнафункцыянальную свабодную аперацыйную сістэму.

У наш час Торвальдс працягвае кіраваць распрацоўкай свайго "дзіцяці", у той жа час іншыя складнікі аперацыйнай сістэмы—кампаненты GNU—застаюцца асобнымі праектамі і распрацоўваюцца іншымі людзьмі (распрацоўка ядра Linux не з'яўляецца часткай Праекта GNU). Адмысловыя групы карыстальнікаў і камерцыйныя кампаніі аб'ядноўваюць усе неабходныя складнікі аперацыйнай сістэмы GNU/Linux і дастасоўныя праграмы ў дыстрыбутывы.

Апаратныя платформы

Ядро Linux першапачаткова працавала толькі на мікрапрацэсарах Intel 80386, але цяпер яно падтрымлівае доўгі шэраг апаратных архітэктур. Linux—адна з самых пераносных аперацыйных сістэм, якая можа выконваецца і на кішэневых кампутарах на базе ARM-працэсараў, iPAQ, і на мэйнфрэймах IBM System z9. Адмысловыя дыстрыбутывы існуюць нават для рэдкіх апаратных платформаў.

Правы капіявання, ліцэнзія, гандлёвая марка Linux

Ядро Linux і большасць праграм GNU распаўсюджваюцца на ўмовах ліцэнзіі GPL. Ліцэнзія GPL дазваляе змяняць праграму як заўгодна з той толькі ўмовай, што атрыманы зменены прадукт будзе таксама распаўсюджвацца на ўмовах гэтай ліцэнзіі. У 1997, Лінус Торвальдс сказаў, што "тое, што я пачаў распаўсюджваць Linux пад ліцэнзіяй GPL, стала адной з лепшых рэчаў, якія я калі-небудзь рабіў." Аднак некаторыя важныя складнікі аперацыйнай сістэмы Linux ужываюць іншыя ліцэнзіі; шматлікія бібліятэкі карыстаюцца ліцэнзіяй LGPL, менш патрабавальнай версіяй GPL, а Аконная сістэма X ужывае ліцэнзію MIT.

У ЗША назва Linux з'яўляецца гандлёвай маркай, зарэгістраванай на імя Лінуса Торвальдса.