Перайсьці да зьместу

Ільлічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Іллічы»)
Ільлічы
лац. Illičy
Дата заснаваньня: перад 1638 годам
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Брагінскі
Сельсавет: Чамярыскі сельсавет
Вышыня: 113 м н. у. м.
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2344
СААТА: 3203874005
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°43′58″ пн. ш. 30°11′59″ у. д. / 51.73278° пн. ш. 30.19972° у. д. / 51.73278; 30.19972Каардынаты: 51°43′58″ пн. ш. 30°11′59″ у. д. / 51.73278° пн. ш. 30.19972° у. д. / 51.73278; 30.19972
Ільлічы на мапе Беларусі ±
Ільлічы
Ільлічы
Ільлічы
Ільлічы
Ільлічы
Ільлічы

Ільлічы́[1]— былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіла ў склад Чамярыскага сельсавету.

Карона Каралеўства Польскага ў Рэчы Паспалітай

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Фрагмэнт запісу князя Ярэмія Вішнявецкага 1638 г.
«Гасьцяваньне» казакоў ў Ільлічах.

У 1638 годзе князь Ярэмі Міхал, сын Міхаіла, Вішнявецкі заставіў на чатыры гады за 65 000 злотых пану Мікалаю Лосятынскаму сваю палову Брагінскага замку і места з дваром Глухавічы, 22 вёскамі, 3 хутарамі, сярод якіх — хутар Ільлічы[2].

28 чэрвеня 1687 году хутар Ільлічы названы ў справе Оўруцкага гродзкага суда сярод паселішчаў часткі Брагінскага двару ваяводзіча бэлскага, каралеўскага палкоўніка Яна Канецпольскага, зруйнаваных працяглым (ад лістападу 1686 года да самых świątek zielonych) пастоем рэестравых казакоў запароскага палкоўніка Паўла Апостала Шчуроўскага. Тут у 4 дварах (×6 — каля 24 жыхароў) разьмясьціліся 10 казакоў і 8 коней на пакорм. Гарэлка, рыба, 4 бельцы прэснага мёду каштавалі хутарцам 36 злотых. Два вазы, кожны з хамутом, раменнай шляёй, касой, сякерай, рыдлёўкай, біклагай, мазьніцай з двума гарцамі[a] дзёгцю, здор, порах, хусты палатна на ўладкаваньне паходных шатроў абыйшліся ім у 89 злотых, соль на 2 злотыя, абутак на 5 злотых. Яшчэ казакі ўзялі легуміны[b] 14 вёдраў, аўса 190 вёдраў ды зьелі 3 вепраў, 14 падсьвінкаў, 29 кур і 7 гусей. І прыватным чынам нашкодзілі нямала. Найперш, «wydarli» 19 пчаліных вульляў, дзеля чаго хутарцы страцілі 57 злотых. А яшчэ забралі каня добрага коштам у 50 злотых[3].

Згодна зь перапісамі габрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў, у паселішчы Ільлічы, называным і хутарам, і вёскай, налічвалася адпаведна 5, 4 і 3 гаспадары — плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Брагінскага кагалу[4].

Паводле візыты Чарнобыльскага дэканату 29 скавіка 1785 году, вёска Ільлічы належала да прыходу Брагінскай Багародзіцкай царквы, а было ў ёй 29 дымоў (каля 174 жыхароў)[5].

Пад уладай Расейскае імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ільлічы – у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету спачатку Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскае імпэрыі[6]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах расейскай рэвізіі 1795 году, вядома, што вёска Ільлічы, сяло Глухавічы, хутары Буркі, Бакуны, Маскі, Лешчуны, Еўлашы і іншыя добры належалі панам Людвіку і Алаізію Ракіцкім[7].

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Ільлічы, аднак, у складзе Брагінскай воласьці апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[8].

  1. ^ Гарц або гарнец — 2, 8237 л
  2. ^ Салодкая выпечка альбо слодычы, вырабленыя з ужываньнем зьбітых яек і цукру з рознымі дадаткамі.
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. ^ Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dział X. Sygn. 933. S. 5-6
  3. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679—1716). — Киев, 1868. С. 154
  4. ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 302, 391, 711
  5. ^ Візыты Чарнобыльскага дэканату 1785 г. // Інстытут рукапісу Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнадзкага. Ф. І. Спр. 2477. А. 70адв.-72адв.
  6. ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  7. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 71
  8. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны)